Аўтар Герман Кацярына, вучаніца 11 “А” класа
Я вучуся ў гімназіі №1 імя Ж.І.Алфёрава. Што адчуваеце вы, вымаўляючы гэтае імя. Я – гонар, павагу, падзяку. Жарэс Іванавіч прынёс у наш свет столькі новага, што ні адзін сучасны чалавек не можа ўявіць сваё жыццё без вынаходстваў, без якіх ужо немагчымы сучасны свет, мабільных тэлефонаў, оптавалаконнай сувязі і г.д. Многія нават не ўяўляюць, як бы мы зараз жылі без сучасных інавацый, якія сталі магчымымі дзякуючы Жарэсу Іванавічу. Па сутнасці, работы Алфёрава адкрылі людзям дарогу ў эру электронікі і лічбавых тэхналогій. Я бясконца захапляюся гэтым чалавекам, які кардынальна змяніў наша жыццё. Жарэс Іванавіч Алфёраў — гэта знакаміты фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, чалавек — эпоха. Для мяне, жыхаркі Віцебска, ён цікавы не толькі сваімі сусветна вядомымі заслугамі, але і як чалавек, які нарадзіўся ў маім горадзе. Я чула пра яго часта ад бацькоў, чытала ў газетах, на ўроках фізікі. Жарэс Алфёраў — легенда айчыннай навукі. Я ж раней і не задумвалася пра тое, што гэты чалавек нарадзіўся ў маім, як я лічыла, правінцыйным горадзе, а дасягнуў сусветнага поспеху і вядомасці. Вынікі яго стараннай, настойлівай працы ведае ўвесь свет. Гэты чалавек жыў тым, у што верыў. Нават пасля дасягнення такога трыумфальнага поспеху ён заставаўся верным сваім прынцыпам, бо ім рухалі сапраўдныя альтруістычныя намеры.
Ён прысвяціў сваё жыццё фізіцы. Для мяне фізіка — унікальная навука, мяне вабіць свет непазнанага. Яго адкрыцці вельмі дапамагаюць мне ў вучобе, бо можна лёгка знайсці якую-небудзь патрэбную цікавую інфармацыю і падзяліцца ёю са сваімі аднагодкамі. Лепшае, што я магу зрабіць – сказаць вялікі дзякуй. Дзякуй за магчымасць жыць у высокатэхналагічным свеце і магчымасць адкрываць для сябе любыя дарогі.
Калі я даведалася, што нашай гімназіі прысвоена імя Жарэса Іванавіча Алфёрава, гэта значыла для мяне нашмат больш, чым думалася раней.
Вялікі ўклад унёс гэты чалавек у развіццё нашай гімназіі. Супрацоўніцтва з навукоўцам працягвалася на працягу многіх гадоў. З 2001 года вучні нашай навучальнай установы кожны год прымалі ўдзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Сахараўскія чытанні”, старшынёй камітэта якога з’яўляўся Ж.І.Алфёраў. За гэты час 27 навучэнцаў сталі пераможцамі па фізіцы, біялогіі, матэматыцы. Жарэс іванавіч цаніў навукова-даследчыя работы навучэнцаў гімназіі. У 2007 годзе ён запрасіў групу гімназістаў і педагогаў гімназіі на асабістую сустрэчу ў Санкт-Пецярбургскі нацыянальны даследчы акадэмічны інстытут Расійскай акадэміі навук. Потым і ён наведаў нашу гімназіію, і тады з’явіўся запіс у кнізе водгукаў гімназіі: “ Я быў бы рад вучыцца ў такой гімназіі і ў такіх настаўнікаў”.
Па сённяшні дзень у нашай гімназіі жывуць успаміны пра гэту сустрэчу. Настаўнікі і выпускнікі, якія прысутнічалі на той незабыўнай сустрэчы, з захапленнем успамінаюць, які гэта жывы, адкрыты, незвычайна цёплы чалавек.
З якім захапленнем успамінаў ён сваіх школьных настаўнікаў, праз дзесяцігоддзі памятаючы іх, называючы кожнага па імёнах і імёнах па бацьку! Ён не забываў нікога, пранёсшы падзяку ім праз усё жыццё. Ён расказаў прысутным, што яго доўгая плённая дарога ў навуку пачалася са школьнага настаўніка. Ён прымусіў нас паглядзець на наша школьнае жыццё трошкі па-іншаму. Ён любіў людзей, быў ім удзячны за ўсё, за малое і вялікае.
А яшчэ ён расказваў пра тое, як вучыў беларускую мову. Першую школьную дыктоўку напісаў вельмі дрэнна. І вось вучань Алфёраў, каб вывучыць прадмет, наведваў усе спектаклі ў Мінску, каб чуць жывую гаворку, адчуваць яе спецыфіку. І гэта прынесла свой плён. Наступныя дыктоўкі былі напісаны значна лепш. Такая настойлівасць, такая цярплівасць, такое імкненне да дасканаласці не могуць не з’яўляцца прыкладам для нас, сённяшніх вучняў.
Аднак Жарэс Іванавіч быў не толькі выдатным навукоўцам, але і цудоўным чалавекам. Ён стварыў спецыяльны фонд, дзякуючы якому падтрымліваюцца разумныя дзеці і іх праекты, даў маладым людзям магчымасць развівацца і быць пачутымі. Трое нашых навучэнцаў сталі стыпендыятамі Фонду падтрымкі адукацыі і навукі імя Ж.І.Алфёрава.
Хіба гэта не нагода ганарыцца? Ганарыцца тым, што наша гімназія мае магчымасць не толькі называцца імем вялікага вучонага, але і адчуваць яго добразычлівасць і падтрымку. Ведаючы, што такі разумны і па-сапраўднаму вялікі чалавек існуе, хочацца самой нешта рабіць, ісці наперад, дамагацца сваіх мэтаў, ніколі не спыняцца. Бо гэты чалавек такі рээальны, не проста вучоны са старонак падручнікаў. Ён жыў з намі ў адзін час, у нашым горадзе, хадзіў па калідорах нашай гімназіі. Яго мэтанакіраванасць, жаданне развівацца, імкненне да новых адкрыццяў натхняюць мяне да новых здзяйсненняў.
І вось наш час працягваць працаваць на карысць свету. Мы — будучыня, якая павінна зрабіць гэты свет лепшым. Ж.І.Алфёраў — наш настаўнік у гэтым, натхняльнік і прыклад таго, якія адкрыцці мы можам зрабіць сваімі рукамі, розумам і сэрцам.
Я вучуся ў гімназіі №1г.Віцебска імя Ж.і.Алфёрава. Я бязмерна ганаруся тым, што з такой колькасці школ і гімназій менавіта маёй прысвоена такое слаўнае імя. Яго імя абавязвае нас працаваць, вучыцца і быць годнымі, каб вучыцца ў гімназіі №1. Я пераканана, што вучні гімназіі, мае аднакласнікі вучацца з усведамленнем значнасці гэтага. Быць можа, у будучым адзін з вучняў гімназіі, натхнёны імем Алфёрава, стане вялікім навукоўцам, будзе вырашаць глабальныя праблемы чалавецтва, як гэта рабіў Жарэс Іванавіч.