Blog page

Аўтар  Кузняцова Наташа, вучаніца 6 “В” класа

Мой дзядуля сцвярджае, што можна бясконца глядзець на тры рэчы: ваду, агонь і… як працуюць на агародзе ўнучкі. Але мне здаецца, што ў гэты спіс трэба дабавіць і воблакі.

Няма на свеце людзей, якія хоць раз-два ў жыцці не затрымлівалі б свой позірк на воблаках. Едзеш на машыне, а праз акно бачыш, як плывуць наўздагон хмаркі: яны то гарэзлівыя, то сур’ёзныя і змрочныя, быццам крыўдзяцца, што аўтамабіль шпарчэйшы за іх. Яны мяняюць колер, форму, становяцца то пышныя, то рэдзенькія, то ажурныя, лёгкія…

А калі назіраеш за воблакамі лежачы на пляжы, седзячы на балконе або ля акна, асабліва ў дажджлівы дзень, то добра марыцца. Я ўвогуле лічу, што воблакі – гэта мары маленства! Таму што дзеці часцей за дарослых глядзяць на  хмаркі і ўяўляюць падарожжы, неверагодныя прыгоды, незвычайныя падзеі. Дзеці лёгка пераносяцца ў экзатычныя краіны, пераўтвараюцца ў легендарных персанажаў або падарожнічаюць ў часе. Таму што ў дзяцінстве шмат нязведанага, неадкрытага і неспазнанага. Дзецям хочацца дазнацца пра ўсё хутчэй. А ў марах гэта  атрымліваецца! Таму і можна глядзець на воблакі бясконца.