У адным невялікім лясным гарадку жыў-быў Заяц. Жыццё яго было самае звычайнае. Раніцай ён на працу хадзіў, вечарамі тэлевізар глядзеў, кніжкі чытаў, на гітары іграў, любіў таксама наведваць мясцовы тэатр. Усё было добра ў яго жыцці, нічога яму не перашкаджала, нікому ён не дакучаў. Але аднойчы здарылася з ім не вельмі добрая гісторыя.
У адзін асенні дзянёк Зайца тэрмінова выклікалі на працу. Заяц быў вельмі адказны, сумленны, пачаў хутка збірацца, на хаду чысціў зубы і не закрыў кран, ён так спяшаўся, што калі выбег з дома, то забыўся выключыць святло. На працу ён паспеў, усе справы былі ўладжаны, а вось дома, куды вярнуўся вечарам, чакала непрыемнасць. На першы погляд, быццам нічога дрэннага і не здарылася. Кран Заяц закрыў, уключанае святло нічога дрэннага не нарабіла, а вось непрыемнасць прыйшла крыху пазней… На носе была ўжо зіма , і наш герой не змог у час купіць сабе белую шубку, не хапіла грошай. Напэўна, вы здагадаліся, на што прыйшлося іх патраціць. Калі выпаў снег, шэрае летняе адзенне прынесла шмат непрыемнасцяў Зайцу.
З таго часу ён стаў больш уважлівы. Калі выходзіць з дома, заўсёды правярае, ці закрыты кран, ці выключана святло. Не хоча Заяц больш непрыемных гісторый.
Эма Ігнацьева, вучаніца 5 «А» класа