Мы чакалі гэтай падзеі з самага пачатку навучальнага года! У сярэдзіне верасня нарэшце пачулі чароўнае слова «экскурсія» і ледзь стрымліваліся, каб крыкамі радасці не перапалохаць усю гімназію! Шчыра кажучы, нам, сямікласнікам, шчасціць з падарожжамі, нягледзячы на тое, што іх выбар залежыць, безумоўна, ад класных кіраўнікоў. І, калі Вольга Леанідаўна паведаміла пра магчымы маршрут у Мінск, мы шчыра весяліліся. Нас адразу сабралася цэлая група, былі і такія вучні, якім не хапіла месца ў аўтобусе.
І вось субота, 11 кастрычніка, 6 гадзіна раніцы. Гімназія #1 выязджае з горада і кіруе ў сталіцу нашай Радзімы, горад-герой Мінск. Мы ведалі, што падарожжа па абшарах азёрнай краіны — гэта не толькі баўленне часу ў прыемнай кампаніі таварышаў і сяброў, але і магчымасць атрымаць новыя веды пра гісторыю і культуру Беларусі, сучасную прамысловасць і перспектывы развіцця айчыннай навукі.

Сонца ў блакіце, але восеньскі холад працінуў на першай экскурсійнай лакацыі. Гэта быў Трасцянец!.. Прыцішана і разгублена мы сябе там адчулі. Хлопцы і дзяўчаты 21 стагоддзя, мы не зведалі жахаў вайны, але многа чулі пра Вялікую Айчынную вайну, не ведалі, як правільна сябе паводзіць на тэрыторыі Трасцянца. Нас краналі і палохалі словы гіда Ірыны Леанідаўны пра тое, якое зло адбывалася ў гэтым месцы ў 1943-1944 гадах. Цяжка было ўцяміць, што зялёная прастора мемарыялу, залітая сонечным святлом і аблашчаная сярэбранымі спевамі птушак, калісьці стагнала ад болю, захліпвалася ад слёз і гора палонных, якіх звозілі сюды з краін Еўропы і акупаваных раёнаў Савецкага Саюза. На цэнтральным мануменце Малога Трасцянца — імёны соцень тысяч ахвяр: яны напісаны на яўрэйскай, румынскай, нямецкай і польскай мовах. Нашы кветкі, загадзя падрыхтаваныя дарослымі, сталі сімвалам памяці, глыбокай падзякі і чалавечага суперажывання тым, хто загінуў у канцлагеры.
Трывожна-ўрачысты настрой сабраў нас у аўтобус, і мы рушылі далей — нас чакаў МТЗ. Уявіце сабе, што завод — гэта горад і ў ім ёсць 5 плошчаў, 25 вуліц!…
Завод выпускае — ад першай гайкі да пробнага праезду тэхнікі — 500 трактараў за тыдзень. Нас ўразіла маштабнасць гэтага прадпрыемства. Яшчэ нас пазнаёмілі з навінкамі тэхнікі: МТЗ наладзіў вытворчасць трактараў з дыстанцыйным кіраваннем. Нашы хлопцы зацікавіліся некаторымі адзінкамі тэхнікі, задалі шмат пытанняў экскурсаводу. Ведаеце, настаўнікі намі ганарыліся, калі гід і экскурсавод дзякавалі нам за паводзіны і актыўны дыялог.

Наведванне Мінска скончылася марозівым. Нядаўна ў сталіцы пачаў працаваць музей марозіва. Мы ўбачылі, што гэта месца вельмі папулярнае. Вам можа здацца, што толькі смак прыцягвае наведвальнікаў? Дык вось і не. Нас зрабілі ўдзельнікамі ці то гульні, ці то пошуку, расказалі пра вынаходніцтва ласунку, яго гісторыю, гатункі і віды. Ну і безумоўна, смачна частавалі!!!
Экскурсія ў Мінск нам спадабалася. Мы зразумелі, што нас аб’ядноўваў агульны пазітыўны настрой, лёгкасць у зносінах, уважлівы гід. Праграма тура дазволіла пабачыць , што наша зямля слаўная і слынная, бо яе насяляюць творчыя і працавітыя людзі! Дзякуем настаўнікам і бацькам за магчымасць падарожнічаць па роднай краіне і вывучаць яе не толькі па кнігах!
Варвара Ціханава і Дар’я Карсакова, вучаніцы 7 «Б» класа
