5 лютага ў нашай гімназіі ў рамках Дэкады беларускай навукі адбылася сустрэча з кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ імя П.М.Машэрава Бабічам Юрыем Міхайлавічам.
Вучні 8-11 класаў, якія бралі ўдзел у сустрэчы, мелі магчымасць пазнаёміцца з цікавым навукоўцам, далучыцца да хараства роднага слова. Такія сустрэчы даюць магчымасць вучням гімназіі не толькі даведацца пра сучасныя дасягненні ў беларускай навуцы, але і дапамагаюць у спасціжэнні саміх сябе.
У сувязі з гэтым у гімназіі быў аб’яўлены конкурс эсэ ” Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова”. Вынікі былі падведзены 21 лютага падчас святкавання Дня роднай мовы.
Сёння мы друкуем эсэ пераможцаў.
Пазл-эсэ
-Дзяўчаты, які б эпіграф вы падабралі да тэмы “Родная мова”? Давайце паразважаем пра гэта…
-Мне даспадобы ў гэтых адносінах словы П. Панчанкі:
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Мая родная мова таксама жыве ў глыбіні маёй душы. І кожную раніцу яна абуджае мяне сваім цёплым дыханнем. І не толькі мяне, але і людзей ва ўсім свеце абуджае іх родная мова. Кожная мова па-свойму прыгожая на слых. У яе ёсць свая гісторыя, свае асаблівасці і звычаі. І для кожнага чалавека яго мова самая родная, лепшая і сапраўдная. І таму ў любым куточку Зямлі, дзе б’ецца беларускае сэрца, жыве беларуская мова. І мне здаецца, што праз родную мову, праз слова адраджаецца душа чалавека, душа народа, душа нацыі…
Мая бабуля заўсёды гаворыць на беларускай мове. І ў дзяцінстве ў мяне была мара. Я таксама хацела вывучыць гэтую мілагучную і мяккую мову, якая ліецца праз усё тваё цела і напаўняе цябе няўяўнай упэўненасцю. І зараз гэта ўсё адбываецца са мной…(Каця Красільнікава, вучаніца 9 “Г” класа)
-А мне так падабаюцца словы А. Разанава:” Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова”.
Не дзіўна, што няма нічога цалкам аднолькавага ў гэтым свеце. Гэтак жа і кожны народ мае свае адрозненні. І самае галоўнае – мова. Праз яе мы выражаем думкі, на ёй напісана шмат цудоўных твораў розных народаў, яна дае магчымасць размаўляць. І няхай ў нашай краіне толькі меншая частка насельніцтва яе выкарыстоўвае, я з гонарам магу сказаць, што мая родная мова – беларуская. Мілагучная, пяшчотная, матчына, такая родная. Яна сапраўдны твор мастацтва нашага народа. Але чамусьці зараз яна ўсё больш знікае з нашага жыцця…
Колькі людзей у вашым асяроддзі размаўляюць толькі на ёй? Хіба яна заслужыла застацца толькі на некаторых рэкламных плакатах, абгортках для цукерак і школьных падручніках? А гэта мова ВКЛ, першага Статута, нашых продкаў!
Наша мова – народнае сэрца. І толькі тады яно будзе біцца, пакуль мы ведаем мову, пакуль лічым яе нашай дапамогай і вечным агнём, які ніколі не павінен згарэць. Таму што як толькі загіне мова, то загінем мы як народ, як нацыя. (Міхаліна Куляшова, вучаніца 9 “Г” класа)
-А я люблю нашу родную мову менавіта за прыгажосць яе гучання, таму і пішу на ёй вершы. А эпіграфам узяла б словы М. Танка:
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, —
Ты выткана, дзіўная родная мова.
З пачатку свайго жыцця чалавек пазнае навакольны свет праз свае адчуванні, праз тое, што ён бачыць ці чуе, праз дапамогу бацькоў і іх навуку. З першых хвілін чалавек яднаецца з мовай свайго народа праз матчыны калыханкі і казкі, праз размовы дарослых. Мова – багацце кожнай нацыі, яна – менавіта тое, што яднае ўсіх людзей краіны.
Беларуская мова – самая старажытная са славянскай групы моў, яна з’яўлялася дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім і на ёй былі выдадзены першыя Кансцытуцыі. Яна больш мяккая і мілагучная за астатнія. Хоць усе славянскія мовы і падобныя адна на адну, але носьбітам розных моў не ўсе зразумелы ў аднолькавай ступені, таму, напрыклад, украінец зразумее беларускую гаворку дакладней, чым рускамоўны чалавек.
Наша мова больш прыстасаваная для паўсядзённай размовы і напісання вершаў, у той час як французская ці італьянская – да оперных спеваў, а нямецкая – для кароткіх і выразных каманд. Кожная мова прыгожая па-свойму, і ніводная не стаіць на месцы, таму што зараз з неверагоднай хуткасцю ўзнікаюць новыя паняцці і тэрміны, якія ўзбагачаюць і абнаўляюць мову, таму ўжо зараз ідзе праца над складаннем новага слоўніка беларускай мовы, у якім мы зможам убачыць усё багацце роднай гаворкі. (Юрчанка Дар’я, вучаніца 9 “Г” класа)
Размаўляў з дзяўчатамі і аформіў запісы Якаў Ермаковіч, неабыякавы да стану роднай мовы вучань 9 “В” класа.