Аўтар Шышакова Лаліта, вучаніца 9 “Г” класа
Калі вы чуеце слова “мова”, што вы сабе ўяўляеце? На розум адразу прыходзіць школьны ўрок, на якім настаўніца тлумачыць арфаграфію і пунктуацыю беларускай мовы. Але мова – значна больш шырокае паняцце, чым абавязковы прадмет у школе.
Мова – асноўны спосаб камунікацыі ў нашым грамадстве. Без зносін немагчыма ўявіць наша жыццё, менавіта гаворка адрознівае нас ад жывёл. Мова – гэта галоўны спосаб паказаць свае пачуцці, жаданні, эмоцыі.
І ў кожнай краіне існуе свая мова і асаблівая манера зносін. Напрыклад, французская мова – рамантычная, пяшчотная, мілагучная. Так і хочацца прызнацца на ёй у каханні. Італьянская мова – жывая і эмацыйная. А якая ж беларуская мова?
Кандыдат філалагічных навук Юрый Бабіч казаў, што ў некалькіх мовах- рускай, украінскай, польскай- ёсць відавочнае падабенства з беларускай. Але ўсё ж беларуская мова – гэта нешта асаблівае, што мае свае адметнасці і непаўторнасць у мяккасці вымаўлення, у мілагучнасці.
Як важна разумець асаблівасць і каштоўнасць роднай мовы! Зараз людзі ўсё больш імкнуцца вывучыць як мага больш замежных моў, каб быць запатрабаванымі, але як жа родная мова? Тая, на якой размаўлялі нашы продкі? Тая, якая павінна стаць для нас–беларусаў–асноўнай?… Я ганаруся людзьмі, якія ў паўсядзённым жыцці размаўляюць на беларускай мове. Яны падаюць прыклад патрыятызму і адданасці Радзіме сваім дзецям, нашаму будучаму пакаленню, якое павінна захоўваць і развіваць беларускую мову.