Аўтар Дыса Павел, вучань XI “В” класа 

Як пра дасягненні і заслугі большасці людзей пачынаюць успамінаць пасля іх смерці, так і пра прыгажосць, багацце мовы кажуць, калі яна становіцца мёртвай.

 Ці можаце вы сабе ўявіць сапраўднага італьянца, расіяніна, кітайца, якія не ведаюць роднай мовы? Як бы штучна гэта выглядала, калі б немец па загадзе  напісаць трохі пра сваю краіну, пра яе традыцыі, пра сябе самога, зрабіў бы гэта на французскай мове. Або калі б вы спыталі ўкраінца, якіх народных паэтаў ён ведае і атрымалі б  ў адказ Маякоўскага. Няўжо яны не жадаюць карыстацца сваёй роднай мовай, няўжо ім сорамна за яе? Ці яны зусім не знаёмыя з роднай культурай, не валодаюць мовай краіны, у якой нарадзіліся, вучыліся, сталелі і жывуць дагэтуль? Аднак мне здаецца, вы не сустрэнеце такіх асоб за мяжой.

Дык а што ж тады з беларусамі? Мы не сапраўдныя грамадзяне сваёй краіны, або, маючы свабоду выбару мовы, мы жадаем чагосьці незвычайнага, чужога? Мабыць, тут варта спыніць гэтыя разважанні і вызначыць, якую ролю адыгрывае наша нацыянальная, беларуская мова.

 Роля мовы складаецца ў стварэнні ладу мыслення і карціны ўспрымання свету чалавека. Нездарма, адной з прыкмет дзяржавы з’яўляецца адзіная мова. Калі дзве суседнія народнасці гавораць на адной мове, то яны пачынаюць падобна думаць. Размаўляючы на ​​іншай мове, змяняючы вобраз мыслення, мы прымыкаем да іншай культуры. Ці застаёмся  мы пасля гэтага проста суседзямі або губляем сваю непаўторную сістэму поглядаў, сваю асаблівасць і раствараемся, як лыжка цукру ў шклянцы вады? Родная мова не дае табе згубіцца. Як палярная зорка, дзе б ты ні знаходзіўся, яна пакажа табе шлях. Мова распавядзе табе, хто ты ёсць, кім былі твае продкі, хто хадзіў 200-300 гадоў таму па гэтай зямлі.

У выпадку страты здольнасці бачыць свет табе застаецца толькі слухаць яго. Калі ты чуеш, што гучыць твая родная мова, то разумееш: гэта мой дом, я ведаю, дзе я.

 Мова дае нам голас – сродак, які дазваляе заявіць пра сябе ў гэтым свеце. Першыя словы ў космасе прагучалі на рускай мове, і гэта ўжо гісторыя. Можа, аднойчы, дасягнуўшы поспеху, здзейсніўшы адкрыццё, ты апынешся за трыбунай, збіраючыся выступіць з прамовай. Я жадаю, каб у гэты момант ты на хвіліну спыніўся і паразважаў, носьбітам якой мовы ты прагнеш быць пачутым і ўвекавечаным у маштабах усяго чалавецтва?