Дарослая я, добры дзень!
Не ведаю, калі ты прачытаеш гэта, калі ты змажваш назваць сябе дарослай. Цяпер бы мне, вядома, хацелася, каб ты ніколі такой не станавілася, але ўжо калі гэта адбылося…
Добры дзень! Дзіўна бачыць такі зварот, але гэта важна для мяне: праз 10 гадоў я буду іншым чалавекам, але некаторыя рэчы хацелася б пранесці праз час, пранесці ціха. Сама таго не заўважаючы, я падкралася да ўзросту, калі ўжо не здзіўляюся таму, што ў кожнага прадмета ёсць свой колер і свая назва… У кожнага чалавека ёсць свой голас , сціплы, гучны, разнастайны, свая свядомасць, тая, што дазваляе быць заканадаўцам і мерай рэчаў у сваім свеце, сваё светаадчуванне, якое робіць кожнага непаўторным. Гэта дзіўна, што кожны з 8 мільярдаў жыхароў Зямлі можаа апісаць у падобным пасланні сваё ўспрыманне навакольнага свету, якое абавязкова здзівіць любога чалавека. Што гэта значыць? Час можа быць адлюстраваны як бясконцы і нясцерпны, але іншаму ён можа быць сябрам. Хтосьці скажа, што дом там, дзе жывеш, але іншы назаве домам любое месца, якое цяжка пакідаць.
Нягледзячы на свой хоць і сціплы, але вопыт, я здзіўляюся кожны дзень непазнанаму . Як прыемна ўяўляць, колькі ў цябе магчымасцяў, у якіх напрамках ты можаш рухацца і развівацца.
Як прыемна разумець сваё цела, адчуваць жар, холад, боль. Кожнае пачуццё хоча, каб яго адчувалі, заўважалі. Злосць выбухне полымем, туга пачне скуголіць цяжкасцю ў кончыках пальцаў. Я надзелена здольнасцю адчуваць гэта ўсё і хачу, каб ты праз шмат-шмат гадоў не забывала, як гэта незвычайна і выдатна… Адчуваць…
Я, яшчэ не дарослая, гляджу на гэты свет праз акуляры стваральніка. Задача мастака не проста вырашыць, што менавіта ён хоча паказаць: пяшчоту, пластыку або рэзкасць і пераменнасць, а вырашыць, з дапамогай чаго ён хоча гэта зрабіць. Тым ён і адрозніваецца ад фатографа. Мастак не глядзіць у відашукальнік, а заплюшчвае вочы і разважае. Непаўторныя вобразы і ўспаміны з’яўляюцца прад вачыма. Ах, калі б кожны чалавек быў хоць крышачку мастаком! Калі б я, і ты, і іншыя людзі звярталі ўвагу на нешта, акрамя чыноў, сілуэтаў, раскладу… Калі б толькі гэтыя моманты самоты былі больш значныя…
Я хачу, каб ты не забыла пра мастака, які жыве ў тваім сэрцы. Мне б так хацелася, каб ты дапамагла іншым людзям часам адчуваць сябе стваральнікамі, пісьменнікамі свайго жыцця і наваколля. Я чакаю, што ты пакажаш ім, як часам проста і прыемна глядзець на рэчы пад іншым вуглом, бо менавіта з гэтага пачынаюцца ўсе адкрыцці… І нават навука, праўда?
Гэты свет такі дзіўны. Ён дорыць нам столькі момантаў шчасця, цяжараў расстанняў і жыццёвых урокаў… Але што мы можам даць гэтаму свету ўзамен? Якое «дзякуй» мы ў сілах сказаць гэтаму сусвету? Наколькі гучнае «дзякуй»?.. Мне здаецца, кожнаму чалавеку варта было б ставіцца больш уважліва да ўсяго, што адбываецца ўнутры, калі ён сустракаецца са светам навокал…
Да сутрэчы! Ці… бывай?
Я… Яраслава… пакуль што, на шчасце, не дарослая…
Шкецік Яраслава