Юрчанка Дар′я, выпускніца 2022 года
У маленькім доміку ў сэрцы гаю юная чараўніца сённяшнім навальнічным надвячоркам з усёй магчымай асцярожнасцю і амаль што дзіцячым трапяткім захапленнем трымае ў руках неверагоднай чысціні сіні тапаз, зачараваны, быццам бы ў яго атрымалася ўвабраць у сябе глыбіні акіянаў і нябёсаў, разважаючы аб прыдатнай аправе, бо ў такой справе нельга памыляцца: няправільны выбар можа стаць найжахлівейшай абразай, іншы ж, блізкі да ідэалу – узнагародай. Дзяўчына неўзаметку паглыбляецца ў свае думкі, адхілена любуецца гульнёй святла на паверхні і пракручвае ў галаве мелодыі і словы, што нячутна для іншых звінелі ў гэтым пакоі паўгадзіны раней. Перад поглядам паслухмяна ўзнікаюць такія блізкія ёй вобразы бясконцай далечы, заблытаных гарадоў на ўзмежку сноў, жорсткіх штармоў, баёў і лёсаў; умела расстаўленыя, ідэальныя ў сваім становішчы і сэнсе акцэнты прыцягваюць позірк не горш за полымя сонечнага пажару на захадзе, рыфмы складаюцца ў старажытныя, амаль што дзікія ў сваёй вар’яцкай прыгажосці карагоды, адзінкавыя метафары гарманічна падаюць кропля за кропляй у звонкі кубак жахлівай і цудоўнай у сваёй складанасці казкі, а цяжкія, паўхтанічныя вобразы набатам адціскаюць на ўнутраным баку павекаў іншы шлях… Чараўніца сумна ўсміхаецца, падымае камень крыху вышэй і ловіць ім водбліск святла ад каміннага вуголля ў маленькім трыльяжы на стале, любуючыся і жадаючы растлумачыць тым, хто жыве за многія кіламетры, у гарадах, такую незвычайную і яскравую, але часта незразумелую залішне многім прыгажосць, аднак не адчуваючы шкадавання ад сваёй бездапаможнасці. Бо ёсць мноства вандроўцаў на памежжы сноў і рэальнасці, што так жа беражліва, як і яна, трымаюць у далонях трапяткі сіні агеньчык чужога свету, чужой душы, ведаючы, што гэта – адзін з найвялікшых людскіх скарбаў, варты памяці і ўдзячнасці за саму магчымасць дакрануцца да яго. Дзяўчына цягнецца праз раскладзеныя матэрыялы, абмінаючы пакінутыя злева брускі ясеня і елкі, злітак медзі і скрутак пераплеценага ў касу з жоўтай трывалай ніткай латуневага дроту, спыняе свой выбар на срэбры – метале, што воінамі і казачнікамі шанаваўся болей за падманлівую цеплыню золата. Матэрыял становіцца надзіва згодлівым без усялякіх інструментаў і агню, лішняга для гэтай працы, лёгка прамінаецца і змяняе форму ў тонкіх руках. Нявызначаны час карпатлівай працы — і на стол кладзецца новы шэдэўр. Дыядэма. Чараўніца ўсміхаецца цёпла, і ў лісцяна-цярновую вязь укладаецца скарб – яе памяць аб вялікай песні, што ўсё яшчэ ціха гучыць на мяжы свядомасці. Звычайны падарунак – стаць векавечным у памяці аднаго чалавека, але, напэўна, і гэта па-свойму каштоўна.