ГАВАРЫ СА МНОЙ ПА-БЕЛАРУСКУ, ТАНЧЫ СА МНОЙ ПА-БЕЛАРУСКУ

Blog page

                Ва ўсім свеце 21 лютага адначаецца свята роднай мовы. Дзень беларускай мовы з’яўляецца традыцыйным для першай гімназіі Віцебска.

Сёлета мерапрыемствы былі пашыраны: дзесяцікласнікі разам з Вольгай Леанідаўнай Паўсцяной, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры,  падрыхтавалі і правялі танцавальныя перапынкі “Беларускі танец: ад старажытнасці да сучаснасці”. Падэспань – такі танец абралі для выканання.

              Гісторыя танца падэспань

Танец “Падэспань” бытае на беларускай зямлі з 1901 года. Яго радзімай лічыцца Іспанія, аўтарам – Аляксандр Аляксандравіч Царман, рускі і савецкі артыст тэатра і балета, балетмайстар, кампазітар і педагог. Сваю першую танцавальную кампазіцыю – “Pas d’Espagne”  – на музыку ўласнага сачынення ён прадставіў як салонны танец і выканаў 1 студзеня 1901 года ў зале Высакорднага сходу.

Арыгінальны танец выконваецца адной ці некалькімі парамі, якія рухаюцца ў бальнай зале па крузе. Ён складаецца з некалькіх фігур — элементаў сцэнічнага іспанскага танца, паслядоўнасць якіх паўтараецца.

            Вялікую пагалоску танец атрымаў за сваю лёгкасць, вытанчанасць, запамінальную музыку. Першапачаткова ў кожным рэгіёне, горадзе ён выконваўся па-рознаму: кожны харэограф карэкціраў яго выкананне, дадаваў рухі, прымешваў іншыя стылі, што рабіла мясцовы варыянт больш арыгінальным, самабытным.

                Вучні гімназіі прадставілі сваю альтэрнатыўную версію падэспані. Шэсць пар, размеркаваныя ў два колы,  выконвалі кампазіцыю з прытопамі і зменамі партнёрак. Мелодыя вальса і пяшчотнасць рухаў не пакінулі раўнадушнымі ні дарослых, ні вучняў – гледачы станавіліся ў танец! Панаваў святочна-радасны настрой, узнікала неверагодная атмасфера дабрыні і шчырасці ад сарамлівых ўсмешак і далікатных позіркаў.

        Дзесяцікласнікі гімназіі далі магчымасць адчуць цудоўныя моманты, калі мяняюцца ролі і вучні становяцца артыстамі, калі нацыянальная культура яднае і ўзбагачае моладзь.

Анастасія Гафарава, вучаніца 10 «Г» класа