Blog page

Зямля, зямля,

Свой пэўны кут, свая ралля:

То найвышэйшая аснова

І жыцця першая ўмова.

Кірыла Дзмітрук: Я мару стаць журналістам. Хацелася б стаць добрым, паспяховым журналістам, праца якога была б заўважана  чытачамі. Стараюся свядома ісці да сваёй мары. Дасылаю свае спробы пяра ў газеты. Маю ўжо некалькі публікацый, якія змешчаны ў газеце “Пераходны ўзрост”. Быў двойчы ўзнагароджаны пуцёўкай ў лагер “Зубронак” якраз на змену юных журналістаў.  З кожнай мясцінкі зямлі можна пачаць дарогу, — вучыў Колас. Добра разумею, што лягчэй ісці па жыццёвай дарозе, калі маеш цвёрдыя арыенціры. Такім арыенцірамі для мяне з’яўляюцца жыццё і творчасць нашых класікаў – Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа.  Іменна яны сваім жыццёвым подзвігам на карысць Беларусі  паказалі прыклад нам, маладым. Застаецца ў вяках толькі тое, што патрэбна людзям.

У лістападзе- снежні гэтага года я прымаў удзел у літаратурным конкурсе «Жыве паэт між намі тут» у намінацыі “Коласу-празаіку”, які быў прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння сапраўднага волата беларускай культуры Якуба Коласа.  Я даслаў на конкурс нататку  «З кожнай мясцінкі зямлі можна пачаць дарогу».
Калі даляцела вестка, што я ўваходжу  ў склад лепшых аўтараў, шчасцю майму не было межаў. Вось і прыйшла цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў конкурсу. Само мерапрыемства праходзіла ў літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа г. Мінска.  Перад  пачаткам цырымоніі ўзнагароджання нам з мамай была прапанавана экскурсія па музеі, нас пачаставалі смачнай гарбатай. Мы з цікавасцю знаёміліся з музейнымі экспанатамі, былі ў пакоі, дзе доўгі час жыў вялікі пясняр, мелі магчымасць дакрануцца да рэчаў пісьменніка, адчуць яго  дух.

Арганізатары конкурса,  спонсары, настаўнікі, дзіцячыя пісьменнікі, дзеячы беларускай культуры і літаратуры — гэта далёка не ўвесь пералік тых, хто прымаў удзел у цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў. Былі сярод іх і заслужаны дзеяч культуры РБ З.М.Камароўская, вядомыя паэты Алесь Стэльмах і Мікола Пазнякоў. Самым яркім момантам для мяне стала хвіліна, калі запрасілі на сцэну. Мне    ўручылі  грамату і каштоўны падарунак – кнігу Якуба Коласа з серыі “Беларускі кнігазбор”. Між іншым,  падпісаў грамату заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, палітык,  пісьменнік Мікалай Іванавіч Чаргінец.

Я ўдзячны лёсу, што падарыў мне магчымасць сустрэцца сам-насам з такімі цікавымі субяседнікамі, стаяць з імі побач і выслухоўваць пахвалу ад паэтаў, чые творы змешчаны ў школьных падручніках літаратуры.  Удзел у гэтым конкурсе даў мне магчымасць дакрануцца да шматграннага сэрца паэта, адчуць яго непаўторны дух. Я абавязкова буду яшчэ ўдзельнічаць у літаратурных конкурсах і раю гэта рабіць усім, бо гэта незвычайна пашырае кругагляд.

Урывак з нататкі: 

«З кожнай мясцінкі зямлі можна пачаць дарогу, – сцвярджае класік. У гэтай, здавалася б простай фразе схаваны нейкі тайны, амаль што філасофскі сэнс. Але які? Што нясуць за сабой гэтыя словы? Што яны хочуць сказаць? Пакуль я не ведаю.  Але ёсць чалавек, які можа мне ў гэтым дапамагчы. Гэта беларускі паэт, празаік, педагог, дзіцячы пісьменнік, публіцыст, крытык, перакладчык. Так, гэта ён, наш Якуб Колас, юбілей якога ў гэтым годзе шырока адзначаем. Іменна яго словамі я пачаў сваю нататку…»

 

Кірыла Дзмітрук