Цікава? Глядзі відэа!
Славянскія назвы месяцаў узніклі ў часы язычніцтва. Большасць сучасных моў іх не захавала, але ў некаторых славянскіх мовах яны ўжываюцца і дагэтуль. Традыцыя звязваць назву месяца са з’явамі прыроды або гаспадарчай дзейнасцю чалавека даволі часта сустракаецца ў календарах свету. Месяцы, якія носяць імёны прыродных сезонных з’яў, сустракаюцца і ў славянскіх народаў. Паспрабуем разабрацца з этымалогіяй назваў месяцаў у беларускай мове ў параўнанні з іншымі славянскімі мовамі.
Студзень — першы месяц года ў грэгарыянскім календары, мае 31 дзень. Назва гэтага месяца ў многіх эўрапейскіх мовах паходзіць ад лацінскай Ianuarius (месяц прысьвечаны богу Янусу). У беларускай мове назва паходзіць ад слоў сцюдзіць або сцюжа.
Люты — другі месяц года ў грэгарыянскім календары. Мае 28 дзён у звычайны год і 29 дзён у вісакосны. Назва гэтага месяца ў многіх еўрапейскіх мовах паходзіць ад лацінскай Februarius (месяц прысвечаны Фэбруусу — богу ачышчэння).
Сакавік — трэці месяц года ў грэгарыянскім календары. Мае 31 дзень. Назва гэтага месяца ў многіх еўрапейскіх мовах паходзіць ад лацінскай Martius (ад Марса, бога вайны).Напачатку сакавік быў першым месяцам года ў рымскім календары. У 45 годзе да н. э. Юлій Цэзар увёў рэформу календара, і першым месяцам года стаў студзень. Пры ўмове, што сакавік — першы месяц года, атрымаем, што кожны дзень года мае пастаянны нумар, незалежна ці ў вісакосны ці ў просты год. А цяпер, калі год пачынаецца ў студзені, 1 сакавіка мае нумар 60 у простым годзе, але 61 у вісакосным.
Красавік — чацвёрты месяц года ў грэгарыянскім календары. Мае 30 дзён.Назва гэтага месяца ў лаціне Aprilis паходзіць або ад слова aperire (адчыняць, раскрываць — расліны распускаюцца) або ад этрускага імя Apru багіні Афрадыта.
Травень (Май) — пяты месяц года ў грэгарыянскім календары. Мае 31 дзень.Назва гэтага месяца ў лаціне Maius паходзіць ад багіні Маі. Назву май у беларускай мове можна патлумачыць не толькі запазычаньнем з лацінскай, польскай ці рускай. Май — таксама назва зеляніны, асабліва ліставых дрэваў.
Чэрвень — шосты месяц года ў грэгарыянскім календары. Мае 30 дзён. Назва гэтага месяца ў лаціне Junius паходзіць ад багіні Юна (Юнона?), жонкі Юпітэра. У чэрвені адбываецца летняе сонцастаяньне.
Ліпень — сёмы месяц года ў грэгарыянскім календары. Мае 31 дзень. Назва гэтага месяца ў лаціне Iulius паходзіць ад імя імператара Юлія Цэзара. Раней ліпень называўся Quintilis (пяты) бо быў пятым, пачынаючы ад сакавіка.
Жнівень — восьмы месяц года ў грэгарыянскім календары. Мае 31 дзень. Назва гэтага месяца ў лаціне Augustus паходзіць ад імя імператара Актавіяна Аўгуста. Раней жнівень называўся Sextilis (шосты), бо быў шостым, пачынаючы ад сакавіка. Гэты імператар, пажадаў не толькі месяц у свой гонар, але і каб колькасьць дзён у ім была не меншая, чым у ліпені, месяцы Юлія Цэзара, таму гэты месяц парушае чаргаванне 31—30.
Верасень — дзявяты месяц года ў грэгарыянскім календары. Мае 30 дзён.Назва гэтага месяца ў лаціне September паходзіць ад слова septem — сёмы, яго парадкавы нумар, пачынаючы ад сакавіка.У верасні адбываецца восеньскае раўнадзенства. Святы: 1 верасьня — дзень ведаў.
Кастрычнік — дзясяты месяц года ў грэгарыянскім календары. Мае 31 дзень. Назва гэтага месяца ў лаціне October паходзіць ад слова octo — восьмы, яго парадкавы нумар, пачынаючы ад сакавіка. Беларуская назва месяца паходзіць ад слова «кастрыца». У гэтым месяцы ў даўнейшыя часы беларусы церлі ды трапалі лён, з якога ападала шмат кастры.
Падзеі месяца: Дні становяцца карацейшымі і халаднейшымі. Працягваецца лістапад. Адлятаюць у вырай гракі, шпакі, дразды. Закончваецца лінька пушных звяроў. Грыбы: зялёнкі і падзялёнкі.
Лістапад — адзінаццаты месяц года ў грэгарыянскім календары. Мае 30 дзён. Назва гэтага месяца ў лаціне November паходзіць ад слова novem — дзявяты, яго парадкавы нумар, пачынаючы ад сакавіка.
Снежань — апошні, дванаццаты месяц грэгарыянскага календара. Складаецца з 31 дня. Назва месяца ў многіх еўрапейскіх мовах паходзіць ад лацінскай December — дзясяты месяц, бо пэўны час было толькі 10 месяцаў, а студзень і люты былі даданыя пазней, а ў беларускай — ад словаў снег, снежны. Галоўныя святы ў снежні: Каляды і Новы год.
Рэдакцыя газеты «Праменьчык»