Blog page

Мой родны кут, як ты мне мілы…

Аўтар Макухіна Ксенія, вучаніца 8 «А » класа

“Мой родны кут, як ты мне мілы!.. — так  пачынаецца адзін з самых вядомых на Беларусі твораў – паэма Якуба Коласа “Новая зямля”. На мой погляд, гэтыя кранальныя радкі найлепш перадаюць сынаву любоў да сваёй Радзімы.

З самага дзяцінства спачатку бацькі, а потым і настаўнікі імкнуцца закласці ў нашу свядомасць тое, што мы разумеем пад словам “патрыятызм”. Сям’я, дзіцячы садок, школа як бы насычаюць нас любоўю і павагай спачатку да родзічаў, а потым і да землякоў, вядомых сваімі справамі ў краіне і за яе межамі, фарміруюць павагу да дзяржаўнай сімволікі: герба і сцяга.

Ці магу я ў свае чатырнаццаць назваць сябе патрыётам? У пэўнай меры так. Як не захапляцца маім Прыдзвіннем, блакітнымі азёрамі Віцебшчыны? Мая малая радзіма – Віцебск, самы прыгожы для мяне горад ва ўсім свеце. Зразумела, кожны любіць родны край па-свойму, але, дзе б я ні была, мне заўсёды хочацца дадому. Нікому і ніколі не зразумець да канца, як мне падабаецца гуляць з сяброўкамі па Віцебску. А які ён прыгожы ўвечары! Мяне так зачароўваюць шматлікія падсветкі гарадскіх мастоў… Увесь горад набывае святочны выгляд нават у будні.

 Але я люблю родны горад не толькі з-за прыгажосці яго вуліц, але і з-за вядомых суайчыннікаў, якія праславілі не толькі мой родны горад, сваю малую радзіму, але і ўсю Беларусь. Гэта мастакі Ю.Пэн, М.Шагал, Х.Суцін, краязнаўцы А.Сапуноў, М.Нікіфароўскі і мой сучаснік А.Падліпскі, вучоныя Г.Тумаркіна і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Ж.Алфёраў, удзельнікі   Вялікай Айчыннай вайны П.Машэраў, М.Шмыроў і многія іншыя.

Я разумею, што самае галоўнае ў гісторыі кожнай краіны – гэта яе людзі, народ. Беларус ніколі не кіне ў бядзе, заўсёды дапаможа чым зможа. Што яшчэ трэба сказаць пра нашых людзей і пра мой родны край? На гэтае патанне лепш за мяне ўжо адказаў мой вядомы зямляк – паэт Уладзімір Караткевіч:

Дзе мой край?

Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы – ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край?…

Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.

Беларусы міралюбівыя, гасцінныя, з пачуццём уласнага гонару людзі. Пра гэта сведчыць гісторыя Рэспублікі Беларусь. Я ганаруся тым, што нарадзілася ў гэтым кутку планеты Зямля, які з гонарам называюць “Зямлёй пад белымі крыламі”, ганаруся тым, што нарадзілася ў Віцебску, які заслужана прынята называць культурнай сталіцай…

“Мой родны кут, як ты мне мілы!..”

 

 

 

 

 Малая радзіма

Аўтар Іўлева Кацярына, вучаніца 8 «А» класа

 У кожнага чалавека разуменне слоў “малая радзіма”сваё. Для мяне малая радзіма – гэта месца, дзе я нарадзілася, дзе нарадзіўся мой бацька, яго маці… Гэта не маленькая вёсачка ці пасёлак, а вядомы ў многіх краінах свету культурны і гістарычны цэнтр Беларусі – мой  родны Віцебск. Гэта горад, у якім нарадзіліся і працавалі славутыя мастакі Ю.Пэн і М.Шагал, кампазітар М.Фрадкін, артысты –бацька і сын Яроменкі, У.Караткевіч, які спецыяльна да тысячагадовага юбілею горада напісаў п’есу “Званы Віцебска”. Гэтыя таленавітыя людзі зрабілі шмат, каб праславіць родны горад. Але гісторыю горада стваралі і звычайныя людзі, рабілі ўсё для яго развіцця і росквіту. Я захапляюся подзвігам маіх суайчыннікаў, таму што яны змаглі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, наперакор прадказанням, з “мёртвага” горада  зрабіць горад з развітай прамысловасцю, сучаснай архітэктурай, універсітэтамі, школамі, зялёнымі паркамі і прыгожымі скверамі.

Колькі я сябе помню, Віцебск уражваў мяне прыгажосцю сваіх вуліц, новых мікрараёнаў, паркаў. Мне прыемна, што мае адчуванні супадаюць з адчуваннямі маёй цёткі Краўчанка Вольгі Рыгораўны, якая ў свой час таксама захаплялася Віцебскам,  нават напісала пра яго вершы:

Когда иду по Витебску родному,

Смотрю на улицы, роспекты и дома,

Мне кажется – сейчас увижу чудо,

Которое не видел никогда…

Захоплівае дух ад гістарычнай часткі горада – Успенскай горкі, вуліц Крылова, Суворава, Талстога… Здаецца, што вось зараз з аднаго з дворыкаў з’явіцца магутны князь Альгерд на сваім кані, пройдуць маршам перад былым губернатарскім палацам атрады войска Напалеона, а вось і М.Шагал з мальбертам…

А колькі радасных эмоцый атрымліавеш, калі глядзіш на прыгожую ў любую пару года Юр’еву горку, якую аздабляе статная тэлевышка. І зноў прыгадваюцца радкі з верша Вольгі Краўчанка:

Смеются окна в зелени багровой

И смотрит вышка на меня издалека.

Мне кажется – сейчас увижу чудо,

Которое не видел никогда.

Радуе тое, што горад на Дзвіне з цягам часу становіцца ўсё прыгажэйшым, вуліцы – шырэйшымі, рака апранаецца ў бетонныя берагі, а шматлікія ўзгоркі ўпрыгожваюцца цэрквамі і саборамі.

Я належу да прадстаўнікоў маладога пакалення віцябчан. Мы не будзем горшымі за сваіх папярэднікаў. І ад мяне, тым ліку, залежыць будучае маёй малой радзімы. Я веру ў гэта.