Снежань – гэта першы месяц зімы і апошні каляндарнага года. Ен атрымаў такую назву ў беларускай мове ад слова “снег”. Па снежні, лічылі ў народзе, раўняліся вясна і лета. Будзе снежань сухі – і яны будуць сухія: “У снежні адкрытае вуха – летам горача і суха”. Правяралі і ўрадлівасць наступнага лета: “У снежні мароз і снег вышэй хаты – год будзе багаты”.
У снежні пачыналіся калядныя святы з дня Божага Нараджэння – Раства. Калі першая зорка з’яўлялася на небе, уся сям’я садзілася за стол, засланы белым абрусам, пад які клалі сена. Абавязкова варылі куццю – кашу з круп. Запаліўшы свечку і памаліўшыся, пачыналі вячэраць. З гэтага дня па сяле хадзілі калядоўшчыкі. Гэта былі юнакі і дзяўчаты, пераапранутыя ў цыганоў, казу, кабылу. Яны спявалі песні-калядкі, а ў адказ атрымлівалі пачастункі.
Ад 25 снежня да 2 лютага адбываліся прадстаўленні батлеечнага тэатра. Абазначэнне батлейка паходзіць ад назвы горада Віфлеем. Батлейка мела выгляд скрынкі, у якой рухаліся лялечныя персанажы біблейскіх паданняў. А кіраваў лялькамі батлейшчык, схаваўшыся за шырмай. Прадстаўленне складалася з дзвюх частак: хрысціянскага сюжэта ў першай і фальклорнага матэрыялу ў другой. Зараз такія традыцыі аднаўляюцца на Беларусі, што вельмі цікава і пазнавальна для дзяцей і дарослых.
Карэспандэнт газеты «Праменьчык», Волкаў Давід, вучань 6 «А» класа